ФІЗІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука, якая вывучае хім. з’явы і ўстанаўлівае іх заканамернасці на падставе агульных прынцыпаў і законаў фізікі. Асн. яе задачы: даследаванне заканамернасцей ходу хім. рэакцый у часе, законаў хім. раўнавагі і вызначэнне механізму працэсаў. Метады даследавання: спектраскапія, мас-спектраскапія, квантавая хімія, структурны аналіз, электронная, іонная мікраскапія, тэрмічны аналіз і інш.

Узнікла ў сярэдзіне 18 ст. Тэрмін «Ф.х.» ўвёў М.​В.​Ламаносаў («Уводзіны ў сапраўдную фізічную хімію»; 1752). Як самаст. навука сфарміравалася ў канцы 19 ст. Вывучае хім. тэрмадынаміку, паверхневыя з’явы, хім. кінетыку, каталіз і інш. Хім. тэрмадынаміка на аснове законаў тэрмадынамікі даследуе хім. раўнавагу і ўмовы яе парушэння пад уплывам знешніх фактараў. Асн. дасягненнем класічнай хім. тэрмадынамікі з’явілася прадказанне характару працякання хім. рэакцый у канкрэтных сістэмах. Магчымасці тэрмадынамічных метадаў пашырыліся ў выніку выкарыстання метадаў стат. фізікі і распрацоўкі прынцыпаў тэрмадынамічнага аналізу неабарачальных працэсаў. Пры вывучэнні паверхневых з’яў даследуюцца ўласцівасці паверхневых слаёў цвёрдых цел і вадкасцей, у хім. кінетыцы — механізмы і заканамернасці ходу хім. рэакцый у часе, у аб’ёме рэакцыйнай сумесі або на мяжы раздзелу фаз. Каталіз вывучае змены скорасці хім. рэакцый пад уплывам каталізатараў. Даследуюцца ферментны каталіз, працэсы з мембранным размежаваннем, хімія гетэрагенных сістэм, будова рэчыва — будова атамаў і малекул, а таксама агрэгатныя станы рэчываў, хім. растворы — іх прырода, структура і асн. ўласцівасці ў залежнасці ад канцэнтрацыі і хім. прыроды кампанентаў. Многія з прыкладных кірункаў Ф.х. сталі самаст. навукамі (напр. калоідная хімія, тэорыя металургічных працэсаў).

На Беларусі даследаванні па Ф.х. праводзяцца ў ін-тах Нац. АН: фізіка-арган. хіміі, агульнай і неарган. хіміі, фізікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, таксама БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-та і інш.

Літ.:

Эткинс П. Физическая химия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1980;

Стромберг А.Г., Семченко Д.П. Физическая химия. 2 изд. М., 1988;

Полторак О.М. Термодинамика в физической химии. М., 1991.

М.​І.​Міцкевіч, В.​Н.​Макатун.

т. 16, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)